Стыльная пара: букет і ваза


выбіраем вазы для кветак

Сёння вазы для кветак выкарыстоўваюцца не толькі па свайму прамому прызначэнню, але і з’яўляюцца моднай часткай інтэр’еру. Дызайнеры сцвярджаюць, што ваза — прадмет у нейкай ступені магічны, яна павінна абуджаць фантазію, ствараць святочны настрой, нягледзячы на матэрыял, з якога зроблена, — гэта можа быць шкло альбо кераміка, метал альбо крышталь.

Самым стыльным матэрыялам лічыцца шкло. Шкляныя вазы могуць быць самымі разнастайнымі: вялікімі, што ставяцца на падлогу, альбо зусім мініяцюрнымі, празрыстымі альбо каляровымі, самых розных форм, сярод якіх можна выбраць тую, якая падыходзіць да інтэр’еру кватэры альбо да кветак, формы букета.

Што неабходна ведаць, накіроўваючыся ў краму?

Прыгожыя грані і мноства розных дэталяў на шкле з часам паб’юцца і запэцкаюцца. Таму, калі ты аддаеш перавагу крыштальнай чысціні, куп’і шкляную вазу без рэзкіх праламленняў і гравіроўкі.

Выбірай шкло з працэнтным паказчыкам шчыльнасці і цвёрдасці 24. Гэта парада прафесіяналаў! Такое шкло блішчыць і заўсёды празрыстае, як вада. Калі ты вырашыла спыніць свой выбар на крыштальнай вазе, аддай перавагу не машыннай гравіроўцы, а ручной. Звярні ўвагу, ці няма ў шкле пухіркоў, складак або расколін. Нават калі яны выявіліся ўнутры шкла, гэта ўжо парушае цэласнасць шклянога вырабу, на гэтым месцы ў будучыні можа ўзнікнуць скол альбо глыбокая трэшчына.

Папулярнае зараз пасрэбранне шкла, якое надае яму выгляд люстэрка і бляск, патрабуе пастаяннай паліроўкі, так што даведайся ў прадаўца, як трэба даглядаць такую вазу, каб яна захавала свой люстэркавы выгляд.

Выбіраючы вазу, успомні, якія кветкі часцей за ўсё бываюць у цябе дома і для якіх букетаў ты яе набываеш. 3-за пагоні за прыгажосцю і арыгінальнасцю некаторыя вазы часта бываюць пустымі.

Захоўваем і даглядаем

— Каб захаваць сценкі вазы празрыстымі, штодзённа мяняй ваду ў кветках. Каб на сценках не ўтвараўся налёт, адстойвай ваду загадзя.

— Вазы з крышталю мый мыльнай вадой з нашатырным спіртам (на 1л вады — 1-2 сталовыя лыжкі спірту) і апалосквай чыстай халоднай вадой.

— Каб вымыць вазы з пазалотай, у цёплую ваду дадай некалькі кропель нашатырнага спірту, памый у ёй вазу і спапасні ў чыстай халоднай вадзе. Ніколі не выкарыстоўвай для мыцця такіх вырабаў гарачую мыльную ваду і соду.

— Пасля мыцця не пакідай вазы сохнуць на паветры, каб з іх сцякала вада: застануцца сляды ад кропель. Каб ваза зіхацела на сонцы, выцірай яе насуха ручніком.

Выбіраем кветкі

Каб зрабіць эфектным букет у шыкоўнай вазе, падбірай аднолькавыя кветкі, не змешваючы іх з іншымі. Пры выдатным дызайне пестрыня букета будзе зал’ішняй.

Для стварэння роўнага букета акруглай формы падрэж адпаведна з формай вазы ніжнія сцёблы. Можна нават для незвычайнага эфекту пераплесці іх альбо, як робяць фларысты, замацаваць сцёблы гумкамі. Усё гэта робіцца дзеля прыгожай верхавінкі букета.

Калі ты вырашыла размясціць у вазе кветкі з тонкімі і зграбнымі сцёбламі, не змешвай іх з нізкарослымі.

Перш чым паставіць кветкі ў ваду, паэксперыментуй і паспрабуй для букета розныя вазы. Але памятай: або дэкаратыўнасць вазы, або «спакойны» букет. Ці наадварот, інакш ты згубіш стыль.

Папулярны зараз накірунак — адна кветка ў вазе. Ролю вазы выконвае, як правіла, цыліндр, ці звычайны келіх, ці простая шклянка. Адной кветкай можа быць ярка-чырвоная ружа, гладыёлус або мак.

 

Больше интересного

...

Поделиться мнением