Каштоўныя дробязі


біжутэрыя і ювелірныя упрыгажэнні

Ювелірная мода ста­ла неад’емнай часткай агульнага паняцця моды. Каштоўнасці павінны дапаўняць вобраз, падкрэсліваць стыль, гарманічна злівацца ў адзіную кампазіцыю з тваім уборам. Таму, калі ты хочаш заўсёды адпавядаць вобразу модніцы, не забывайся пра пярсцёнкі, завушніцы і бранзалеты!

Цяперашнія тэндэнцыі цяжка заціснуць у нейкія рамкі. Нельга дакладна вызначыць, што цяпер з’яўляецца найбольш модным — класіка, авангард ці фальклор.

  • Упрыгажэнні класічнага стылю мала залежаць ад тэндэнцый моды. Яны нязменна строгія, вытанчаныя, маюць лаканічныя лініі і прапорцыі.
  • Авангардныя упрыгажэнні нярэдка шакіруюць сваімі формамі, памерамі і колеравым рашэннем. Стваральнікі такіх упрыгажэнняў не прызнаюць ніякіх норм і традыцый, арыентуючыся выключна на індывідуальнасць і эксцэнтрычнасць.
  • Так званы ювелірны фальклор нясе ў сабе матывы старажытных цывілізацый і нацыянальнага мастацтва.

Самае галоўнае — каб упрыгажэнні спалучаліся са створаным табой вобразам, нават калі ён кожны дзень іншы. Таму ў актыве неабходна мець аксесуары рознага кірунку.

Уменне насіць каштоўныя ўпрыгажэнні — сапраўдны талент. Не варта надзяваць разам золата і серабро; гэта розныя па стылі металы. Не носяць таксама адначасова ўпрыгажэнні з рознымі камянямі. Для таго каб выглядаць з густам і не выклікаць у навакольных асацыяцый з навагодняй ёлкай, трэба ведаць меру і не чапляць разам некалькі бранзалетаў, завушніцы, калье і ланцужок. Буйныя, масіўныя вырабы ў спалучэнні з будзённым адзеннем будуць выглядаць проста недарэчна. Бязглузда таксама насіць простую біжутэрыю разам з каштоўнымі ўпрыгажэннямі. Каб твае каштоўнсці заўсёды выглядалі бездакорна, не надзявай іх адразу пасля нанясення крэму і здымай, калі збіраешся мыць посуд. Калі залатыя ці сярэбраныя вырабы пацямнелі, у хатніх умовах іх можна «рэанімаваць» пры дапамозе соды, але лепей даверыць догляд ювелірнаму майстру.

Як правільна насіць упрыгажэнні

Зрабі акцэнт на самым прыгожым. Калі рукі тонкія і дагледжаныя, смела   надзявай кідкія, незвычайныя ўпрыгажэнні. Доўгую шыю падкрэслі буйнымі пацеркамі — аднак адмоўся ад іх, калі шыя кароткая і поўная. Круглы твар і двайны падбародак нівеліруюцца доўгімі завушніцамі.

Наручны  гадзіннік на скураным раменьчыку нельга насіць з вячэрнім уборам.

Наборы-гарнітуры, якія ўключаюць калье, завушніцы, бранзалет і пярсцёнак, нельга насіць адначасова. Насі калье з кальцом, а завушніцы — з бранзалетам.

Калі грошай на моднае ўпрыгажэнне не хапае, лепей не спускаць іх на танную біжутэрыю нізкай якасці, а набыць яркую шыйную хустку.

Грубаватыя ўпрыгажэнні пад этніку, з вялікімі пацеркамі і камянямі дрэнна спалучаюцца са шпількамі. Лепш у такім выпадку абраць абутак з устойлівымі абцасамі або зусім без іх.

Сёння выбар біжутэрыі вельмі вялікі: упрыгажэнні ва ўсходнім стылі (масіўныя, доўгія завушніцы-падвескі), з элементамі з футра, скуры, дрэва, стразамі і камянямі. Аднак будзе памылкай начапіць ўсё гэта разам. Дазволіць сабе кітч («мешаніну») можа толькі асоба з бездакорным пачуццём стылю.

Упрыгажэнняў не павінна быць зашмат. Класічнае «правіла трох» патрабуе не насіць болей за тры упрыгажэнні адразу. Гэта значыць, або бранзалет, пярсцёнак і ланцужок, або ланцужок і завушніцы. Гадзіннік таксама лічыцца за ўпрыгажэнне.

Як даглядаць за ўпрыгажэннямі

Каб біжутэрыя захоўвала бляск, заўсёды кладзі упрыгажэнні такім чынам, каб яны не датыкаліся адно да аднаго, іначай могуць з’явіцца драпіны. Не дапускай пападання на біжутэрыю лаку, парфумы або дэзадарантаў. Гэтыя рэчывы (а таксама марская вада або вада з басейна) утрымліваюць  кіслотныя элементы, якія могуць сапсаваць біжутэрыю.

Не насі біжутэрыю падчас заняткаў спортам і не кладзіся ў ей спаць — можа паламацца. 3 гэтай жа прычыны нельга насіць брошку на тым плячы, на  якім ты носіш сумку. Упрыгажэнні можна мыць мяккім мылам, вельмі асцярожна праціраць зубной шчоткай і  высушваць мяккай анучкай без ворсу.

Як выбраць упрыгажэнні з улікам камплекцыі

Упрыгажэнне трэба падбіраць у адпаведнасці з ростам і прапорцыямі цела. На кволых, хударлявых жанчынах буйныя камяні глядзяцца недарэчна. I наадварот, танюткія ўпрыгажэнні губляюцца на жанчыне з пышнымі формамі.

Уласны стыль мае значэнне пры ўмове, што ён не з’яўляецца бяздумнай копіяй чагосьці чужога, што не гарманіруе з тваім выглядам і ўнутраным светам. Стыль засцерагае цябе ад выкідання грошай на вецер і набыцця непатрэбных рэчаў толькі таму, што ўсе прыяцелькі гэта купілі. Стыль — гэта ўменне выбраць з безлічы модных рэчаў (вопраткі, аксесуараў, біжутэрыі) такія, якія найлепшым чынам пасуюць тваёй фігуры, ладу жыцця, звычкам і інтарэсам. Не заўсёды дарэчы будзе апрануць кідкія залатыя або сярэбраныя ўпрыгажэнні, а вось стыльная біжутэрыя здольная аздобіць убранне самых розных кірункаў стыля — ад дзелавога да этнічнага. Не ўсе могуць дазволіць сабе брыльянты, аднак актуальнасць сучасных упрыгажэнняў вызначаецца не матэрыялам, а вастрынёй моднай ідэі.

 

Больше интересного

...

Поделиться мнением