Лініі абароны ад холаду


як даглядать твар, рукі і валасы зімой

Сёлетняя зіма пакуль не страшыла нас вялікімі маразамі і па прогнозах не асабліва будзе палохаць і надалей. Але ўсё роўна нашы скура, валасы і пазногці перажываюць стрэс, а значыць, патрабуюць асаблівага догляду ў параўнанні з цёплай парой.

Як даглядаць і абараняць твар зімой?

Прыйшоўшы з халоднай вуліцы, змазвай твар тлустым крэмам з дабаўленнем невялікай колькасці маркоўнага соку. Для сухой, схільнай да лушчэння скуры добра падыдуць цёплыя прымочкі з алею і пажыўныя маскі з мёду і яечнага жаўтка.

Адчувальную скуру супакойваюць кампрэсы з рамонкавага настою. Пажыўныя маскі дапамагаюць захаваць твар гладкім і пяшчотным, паскараюць працяканне абменных працэсаў у скуры. Але папярэдне неабходна ачысціць твар адварам ці настоем з траў — рамонку, мяты, ліпы, шалфею. Сталовую лыжку любой травы залі шклянкай кіпеню, накрый накрыўкай, астудзі і працадзі.

Вельмі карысныя маскі з вінаграднага соку. Сокам дзвюх-трох ягад, у якіх папярэдне надрэж скуру, натры твар і шыю. Пакінь хвілін на 15—20, а пасля змый халоднай вадой. Скура стане атласнай.

Сухую скуру з пігментнымі плямамі працірай аліўкавым ці кукурузным алеем (сланечнікавы алей лепш не выкарыстоўваць, бо ён часам можа ўзмацняць пігментацыю). Зрабі гарачы вільготны кампрэс: намачы ручнік у літры гарачай вады з разведзенай у ёй чайнай лыжкай соды ці ў падагрэтым настоі рамонку, пакладзі на 5—7 хвілін на твар. Пасля гэтага хвілін на 10—15 нанясі на твар маску з агурочнай ці капуснай кашкі (прапусці праз мясарубку).

Увільготніваючыя дзённыя крэмы у халодную пару года лепш паставіць на паліцу як мага далей. Выходзячы на вуліцу, карыстайся толькі пажыўнымі тлустымі крэмамі. Яны ўтвараюць ахоўную плёнку, якая абараняе скуру ад знешніх фактараў і пры гэтым захоўвае ў ёй вільгаць.

Слабыя сасуды на змену надвор’я адразу рэагуюць ацёкамі пад вачыма. Самы дзейсны сродак ад гэтай непрыемнасці — кампрэсы (ватны тампон, змочаны ў свежай чайнай заварцы).

Як даглядаць і абараняць рукі зімой?

Нашы вялікія працаўнікі таксама патрабуюць зімой немалой увагі. Іх у гэты час варта падтрымліваць пажыўнымі маскамі. Дарэчы, запасіся баваўнянымі пальчаткамі.

Вельмі эфектыўная яечная: на ноч у скуру рук добра ўцерці сумесь з аднаго жаўтка, сталовай лыжкі мёду і чайнай лыжкі аўсянай мукі, а пасля надзець баваўняныя пальчаткі.

Мядовая маска робіць рукі больш мяккімі, а скуру больш пяшчотнай. Змяшай 15 г мёду, 25 г міндальнага алею, яечны жаўток і некалькі кропель соку лімона. Сумесь нанясі на рукі, зверху надзень баваўняныя пальчаткі.

I зусім просты рэцэпт. Крыху падагрэй алей (тэмпература яго павінна быць такой, каб не апякаць рукі). Цёплым алеем абмаж рукі і… Правільна, надзень баваўняныя пальчаткі. Такую маску можна пакінуцьі на ўсю ноч, калі не баішся, што родныя, убачыўшы цябе у пальчатках, палічаць твае намеры зламыснымі.

Як даглядаць і абараняць валасы зімой?

Халоднай парой валасы прыйдзецца мыць крыху часцей, чым летам, і падтрымліваць іх жыццядзейнасць.

Сухія валасы, якія ламаюцца, карысна некалькі разоў вымыць яйкам, узбіўшы яго ў невялікай колькасці вады ў пену, затым апаласнуць цёплай вадой.

Каб валасы сталі шаўкавістымі і мяккімі, добра хвілін на 10—15 зрабіць ім маску з малочнакіслых прадуктаў. У якасці кандыцыянера добра падыходзіць аліўкавы алей, ён надае аб’ём і бляск. Прыкладна адну сталовую лыжку цёплага алею трэба ўцерці ў валасы, асабліва ў сярэдзіну і канцы, дзе валасы заўсёды больш сухія. Закруці галаву цёплым ручніком і пакінь хвілін на 20—30, пасля памый галаву шампунем.

Для шорсткіх валасоў падыдзе наступная сумесь: роўныя часткі мёду і аліўкавага алею нанясі на валасы на 20 хвілін. Змый маску і вымый галаву шампунем.

Тлустыя валасы можна памыць гарчыцай: адну сталовую лыжку сухой гарчыцы развесці ў двух літрах цёплай вады і вымыць галаву, пасля чаго валасы можна прамыць настоем траў.

Добрыя вынікі дае наступнае апалоскванне. Паўкубка сушаных кветак рамонку, скурка аднаго апельсіна, кубак яблычнага воцату, два кубкі вады. Змяшаўшы ўсе інгрэдыенты, кіпяці сумесь 5—7 хвілін, затым працадзі і дай астыць. Апаласні толькі што вымытыя валасы сумессю, пачакай хвілін пяць і прамый цёплай вадой. Воцат выдаляе мёртвыя клеткі скуры, перхаць і залішні тлушч, рамонак змякчае, а апельсін дае валасам энергію. Пасля такога апалосквання валасы становяцца мяккімі і бліскучымі.

 

Больше интересного

...

Поделиться мнением