Вочы ўсіх колераў вясёлкі
Усе мы час ад часу хочам нешта змяніць у сабе. Не тое каб кардынальна, а так, крышачку. Для гэтага фарбуемся, мяняем прычоскі… што ужо казаць пра адзенне. А ёсць іншы способ унесці ў сваю знешнасць лёгкія змены — каляровыя лінзы. Здавалася б, дробязь. Аднак нездарма ж кажуць, што вочы — гэта люстэрка душы. Ну, ведаеш — сустрэліся позіркамі — і… Магчыма, у тым ліку і па гэтай прычыне прыкладна 2/3 жанчын хацелі б змяніць колер вачэй ці зрабіць яго больш насычаным.
Самае цудоўнае, што зрабіць гэта можна. Дастаткова проста схадзіць у спецыялізаваную краму, дзе табе прапануюць цэлы набор дэкаратыўных лінз: каляровых, фестывальных і тых, што надаюць адценне. У залежнасці ад магчымасцей салона оптыкі, у які ты зойдзеш, палітра будзе вар’іравацца. На крайні выпадак існуюць яшчэ і Інтэрнэт-крамы. Аднак перш чым набыць лінзы, абавязкова парайся з акулістам.
Першапачаткова, дарэчы, каляровыя лінзы выкарыстоўваліся выключна ў медыцынскіх мэтах і прызначаліся для таго, каб маскіраваць яўныя дэфекты органаў зроку, такія, напрыклад, як бяльмо на воку. Акрамя таго, каляровыя лінзы дапамагаюць пры памутненні рагавіцы, змякчаюць непераноснасць сонечнага святла, абсарбіруюць ультрафіялет. Пытанні моды і прыгажосці — ужо другі аспект выкарыстання падобных дзівосаў навукі і тэхнікі. Аднак зазначым, што медыцынскія тэхналогіі паступова падстройваюцца пад густы моднікаў і працягваюць удасканальвацца.
Як правільна падабраць лінзы па колеры?
Спачатку некалькі слоў пра карнавальныя (фестывальныя) лінзы — яны бываюць некалькіх відаў. У асноўным выкарыстоўваюцца для спецэфектаў у кіно ці так, пажартаваць — хочаш вочы вампіра, змяі, кошкі? Няма нічога больш простага. Аднак маленькае папярэджанне — такія лінзы нельга насіць больш за некалькі гадзін. Гэта, лічы, як Папялушка на балі: роўна ў дванаццаць воўчыя вочы павінны ператварыцца ў чалавечыя.
Цяпер менш радыкальныя і экзатычныя варыянты. Калі ў цябе цёмныя вочы, можна выкарыстоўваць выключна каляровыя кантактныя лінзы. Яны могуць кардынальна змяніць колер вачэй на іншы (блакітны, зялёны) ці зрабіць вочы больш светлымі (з чорных ператварыць у карыя). Праўда, тут ёсць свае нюансы. Каляровая лінза — гэта тоненькі абадок, які не закрывав зрэнку, якая мае ўласцівасць звужацца і расшырацца. Таму натуральны колер вачэй каля зрэнкі пры яркім асвятленні ўсё роўна бачны.
Для светлых вачэй падыходзяць лінзы, якія надаюць адценне. Аднак трэба адзначыць, што часам эфект бывае не вельмі удалым. Ёсць лінзы, якія надаюць адценне, але яны амаль нічога не змяняюць: блакітныя вочы атрымліваюцца проста крыху больш блакітнымі. А вось малюнак радужнай абалонкі становіцца непрыкметным — вочы страчваюць выразнасць, робяцца мутнымі.
Разам з тым існуюць больш прыгожыя шматступеньчатыя варыянты афарбоўкі: з цёмным абадком па краі, імітацыяй натуральнага пігментавання радужнай абалонкі (празрыстымі фіялетава-блакітнымі «праменьчыкамі, вяснушкамі і кропачкамі» на блакітным фоне, напрыклад). Гэта асабліва шыкоўныя віды лінз, якія, зразумела, абыдуцца нятанна.
Як насіць лінзы?
Каляровыя лінзы вакарыстоўваюцца, як і звьічайныя. Калі ты наогул не насіла лінзы, іх трэба спачатку адзяваць ненадоўга, а потым рабіць перапынак, каб даць вачам адпачыць.
Зразумела, лінзы патрабуюць догляду. Ты не застрахавана ад раздражнення, алергічнага ці інфекцыйнага запалення. Няправільна падабраныя кантактныя лінзы могуць стаць прычынай прагрэсіравання хвароб вачэй, іх хранічнага ператамлення.
Так што — спрабуй. Паэксперыментаваць заўсёды можна, тым больш калі акулісты не супраць.