Восем крокаў да сябе


каб быць сапраўднай прыгажуняй

Калі усе прыгатаванні святочнага стала і уборка кватэры да свята закончаны, а апошнія сілы хочацца патраціць на тое, каб дайсці да канапы і легчы, наўрад ці думаецца пра тое, як будзеш выглядаць. I дарма. Нават калі ты сустракаеш Новы год сярод самых блізкіх (а яны дык дакладна бачылі цябе у розных абліччах, напрыклад, у выглядзе Папялушкі да баля і на ім), успомні пра аднаго вельмі прадузятага знаўцу — люстэрка. Яно дакладна павінна быць задаволена тваім выглядам. А значыць, у шчыльны перадсвяточны графік уносім гадзіну на сустрэчу са сваім абноўленым варыянтам.

Ператварэнне ў прыгажуню пачынаем з псіха-касметычнага трэнінгу. Вучымся кіраваць нашым тварам, бо менавіта на ім «напісаны» ўсе нашы непрыемнасці. Жанчына — непрачытаная кніга, але не варта быць сумным раманам, лепш — чароўнай казкай.

Першы і галоўны крок

Усміхайся! Жанчына народжана для таго, каб асвятляць усмешкай і шэрую будзённасць, і святочную мітусню. Тым больш, што сумны выраз твару заціскае мышцы, пагаршае кровазабеспячэнне скуры — яна атрымлівае менш кіслароду, жаўцее, робіцца больш сухой ці больш тлустай (у залежнасці ад твайго тыпу). Выраз незадаволенасці дадае твару дробных маршчынак «засмучэнняў» пад ніжнімі павекамі і ў кутках рота, больш глыбокімі робяцца складкі каля носа. Лепшая тэрапія тут — любоў і радасць, і як вынік — агеньчык у вачах і усмешка на вуснах.

Другі крок

Рэлаксацыя ў ванне з некалькімі кропелькамі касметычнага алею (лаванда, лімон, мята, каму што больш даспадобы) і халаднаваты душ пасля ванны. Галаву вымый з любімымі шампунем і кандыцыянерам, іх пах павысіць тонус і надасць сіл.

Трэці крок

Крэм для цела. Няспешна, пачынаючы з ног, уцірай пажыўны ўвільгатняючы крэм. Асаблівую ўвагу ўдзялі вобласці дэкальтэ і грудзям, асцярожнымі кругавымі рухамі памасіруй са спецыяльным касметычным сродкам.

Чацвёрты крок

Вяртаем твару свежасць і фарбы. Для гэтага паслядоўна робім тры маскі.

Першая з геркулесу. 1—2 сталовыя лыжкі геркулесу заліваем невялікай колькасцю кіпячонай вады і добра перамешваем. Лёгкімі рухамі, не націскаючы на скуру, накладваем атрыманую кашку на твар па масажных лініях. Пасля двух-трох рухаў змываем кашку вадой. Геркулес адыгрывае ролю своеасаблівага скраба, выдаляе мёртвыя клеткі і робіць скуру гладкай і шаўкавістай.

Для другой і трэцяй масак спатрэбіцца адно яйка. Аддзялі жаўток ад бялка, апошні пакладзі ў халадзільнік. Жаўток узбі і нанясі на твар спецыяльным пэндзлікам. Хвілін праз дзесяць, калі жаўток падсохне, пакладзі яшчэ адзін слой жаўтка, разатры лёгкімі рухамі і змый вадой.

Затым узбі бялок, таксама пэндзлікам нанясі на твар і пакінь хвіліны на 2—3. Такую працэдуру зрабі яшчэ два разы. Пасля таго, як высахне апошні слой, змый маску.

Пяты крок

Падкарэкціруй бровы. Пажыўным крэмам змякчы скуру павек, гэта дасць магчымасць правесці працэдуру карэкцыі не так балюча. Але лішкі крэму прамакні сурвэткай, каб пінцэт не саслізгваў з валаскоў.

Шосты крок

Падтрыманне сіл вітамінным кактэйлем. Гэта можа быць кубак адвару мяты, нямоцны чай з вялікім кавалкам лімона ці проста шклянка вады з распушчаным у ёй полівітамінам ці вітамінам С. Можна прыгатаваць і такі кактэйль:

  • 100 г таматнага соку,
  • 1 жаўток,
  • 1/2 чайнай лыжкі лімоннага соку,
  • крыху зеляніны,
  • соль і перац на смак.

Усё ўзбіць міксерам.

Крок сёмы

Змазваем пажыўным крэмам рукі і падпраўляем манікюр. Калі ты вырашыла пафарбаваць пазногці яркім лакам, не нанось яго шчыльна да бакавога краю — пазногці будуць выглядаць больш доўгімі і зграбнымі.

Крок восьмы і апошні

Накладваем касметыку. Тут прастор тваёй фантазіі можа быць неабмежаваным. Калі ты збіраешся на карнавал, падыдзе і «баявая расфарбоўка». Плануюцца ціхія сямейныя пасядзелкі — касметыкі можа быць мінімум. Адзінае, пра што няварта забывацца: нягледзячы на колькасць касметыкі на твары, яна павінна быць праверанай, каб на заўтра ці ўжо ў святочную ноч ты не мела праблем.

 

Больше интересного

...

Поделиться мнением