Як перажыць восень?


восеньскія змены

Панылая восень у гэтым годзе не прымусіла сябе доўга чакаць, выклікаўшы ў большасці з нас прыступы дэпрэсіі: усё раздражняе, добрыя пачуцці нібы застылі ад холаду, смутак расце, а з глыбінь душы ўздымаецца штосьці зусім ужо незразумелае, шчымлівае…

Ёсць, праўда, сярод нас шчаслівыя людзі, якія надыход восені нібыта не заўважаюць і працягваюць адлічваць дні па летнім календары, раздражняючы ўсіх сваім недарэчна добрым настроем. Аднак такіх выхадцаў з вострава Чунга-Чанга толькі 20 працэнтаў, астатнім жа 80-ці пашанцавала менш.

Прадпрымальныя амерыканцы, калі іх раптам апаноўвае смутак, звычайна кідаюцца да псіхааналітыкаў, пераказваюць ім свае біяграфіі, успамінаюць эпізоды «цяжкага» дзяцінства… Сапраўды, штосьці ў гэтым ёсць: восень — самы час задумацца аб сэнсе жыцця, падвесці вынікі года, узгадаць, чаго зноў не паспеў, не зрабіў, страціў (чамусьці ў дрэнным настроі ўспамінаюцца менавіта непрыемныя падзеі, станоўчыя ж падаюцца далёкімі і зусім не грэюць, нібы і не з намі адбыліся).

Перачакаць бы тэты сумны асенне-зімовы час пад коўдрай… Аднак нельга — прырода наканавала нам змагацца з душэўным сном круглы год. Гэта птушкі могуць дазволіць сабе раскошу адляцець у вырай, вожыкі — заснуць на некалькі месяцаў, а вясной з новымі сіламі рынуцца на пошукі другой паловы і ў бой за права мець патомства. Мы ж, людзі, замест таго, каб бачыць прыгожыя сны, кожны дзень неахвотна падымаемся з ложкаў, са шчырай пагардай глядзім на вуліцу і цягнемся на работу адбываць цяжкую «павіннасць»…

Вучоныя даказалі, што ўсе непрыемныя восеньскія змены ў маральным абліччы істоты, чыё імя гучыць горда, выкліканы адной прычынай — скарачэннем працягласці светлавога дня: недахоп святла і сонца падаўляе выпрацоўку меланіну, які ажыццяўляе кантроль за нашым эмацыянальным станам. У выніку — апатыя, стомленасць, нерваванне.

На шчасце, ад надыходу восені яшчэ ніхто не паміраў, неяк мы яе ўсё ж такі перажываем. Магчыма, без асаблівага смаку да жыцця, але хто сказаў што мы павінны есці толькі салодкае? Яно шкоднае для фігуры.

Трэба шукаць у восені штосьці станоўчае

Напрыклад, нарэшце без усялякага пачуцця віны мы можам дазволіць сабе раскошу задуменна паглядаць у акно і рэфлексаваць. Калі падыходзіць да пытання па-філасофску, то дрэнны настрой, лёгкая незадаволенасць сабой дапамагаюць пераасэнсаваць уласныя праблемы і прыйсці да жадання што-небудзь змяніць.

Дарэчы, шчымлівыя перажыванні — цудоўныя стымулятары творчай актыўнасці. Нездарма менавіта восенню паэты ствараюць асабліва праніклівыя вершы. Калі ж твае здольнасці да вершаскладання не ідуць далей за рыфмаванне слоў «кроў» і «любоў», можна дасылаць сябрам і знаёмым доўгія прыгожыя лісты. У крайнім выпадку, проста атрымліваць лісты, да напісання якіх у знаёмых, у рэшце рэшт, дайшлі рукі. Не дайшлі? Тады пачытай кніжку, вазьмі на прагулку фотаапарат, намалюй дзесятак акварэлей, ствары гербарый — і восень падасца сапраўды залатой.

Хаця псіхолагі і кажуць, што ўсе станоўчыя змены павінны пачынацца ў галаве, можна паспрабаваць зайсці і з супрацьлеглага боку — рухайся! Па-першае, гэта дапаможа сагрэцца і неяк перажыць час да ўключэння цэнтральнага ацяплення ў кватэры. Па-другое, цялеснае здароўе самым цудоўным чынам уплывае на душэўны стан: падчас фізічнай актыўнасці ў арганізме выпрацоўваюцца эндарфіны, ці гармоны асалоды.

Улетку мы без усялякай шкоды для здароўя сілкуемся амаль адным паветрам, восенню ж апетыт і прага да каларыйных страў наадварот, павышаюцца: арганізм імкнецца абараніць сябе ад холаду. Таму не рабі спроб працягваць жыць у летнім рэжыме і сядзець на дыетах. Лепш засяродзь ўвагу на спажыванні вітамінаў — яны рэгулююць дзейнасць нервовай сістэмы.

Прырода ніяк не разлічвала на тое, што чалавеку прыйдзе ў галаву падмяніць натуральнае святло агульнай электрыфікацыяй. Паводле сцэнарыя, людзі павінны былі класціся спаць і прачынацца разам з сонцам. Але тэлебачанне, нягледзячы на скарачэнне светлавога дня, працягвае працаваць на поўную моц, пазбаўляючы многіх з нас неабходнага 8-гадзіннага мінімуму сну (які, між іншым, абумоўлівае наша самаадчуванне на ўвесь дзень).

І нарэшце, асабіста для настаўнікаў: гавораць, што педагогі не менш за офісных менеджэраў пакутуюць на прафесійнае выгаранне. Аднак восенню якраз выкладчыкі маюць максімум нагод для радасці. Напрыклад, каму яшчэ ў верасні і кастрычніку проста так, за прыгожыя вочы, дораць столькі кветак? Што ні кажы, а атрымаць прызнанне ў каханні — самы лепшы сродак захаваць веснавы настрой і з поспехам перажыць восень.

 

Больше интересного

...

Поделиться мнением