Пазногці і здароўе


пазногці здаровага чалавека

Заўсёды прыемна бачыць чалавека, у якога прыгожыя дагледжаныя пазногці. Але аб чым яны сведчаць: толькі аб добрым манікюры ці яшчэ і аб тым, як мы сябе адчуваем? Пазногці могуць шмат чаго расказаць пра свайго ўладальніка. І тое, як ён клапаціцца пра свой знешні выгляд, і як сябе адчувае, і якія парушэнні маюць быць у арганізме.

Як выглядаюць пазногці здаровага чалавека?

Яны ружовыя, бліскучыя, гладкія, іх таўшчыня ў сярэднім 0,3 мм. Ля самай асновы маюцца бялёсыя паўлунні. Лічыцца нормай, калі яны ёсць на вялікім і ўказальным пальцах. Аднак сустракаюцца і рукі ўвогуле без паўлунняў — гэта, так бы мовіць, прыродная асаблівасць людзей з пульхнымі пальцамі і кароткімі шырокімі пазногцямі.

У маладых людзей пазногці растуць хутчэй, чым у пажылых, у мужчын — хутчэй, чым у жанчын, летам хутчэй, чым зімой. У сярэднім пазногаць падрастае на 0,1 мм за суткі і прыкладна за 5 месяцаў цалкам абнаўляецца ад асновы да падушачкі пальца. Ведаючы перыяд росту, можна па ўзроўні змянення пазногцяў (папярочныя палосы, белыя плямкі, баразёнкі) прыблізна высветліць час развіцця парушэння.

— Вялікі памер паўлунняў

На ўсіх пальцах паказвае на залішнія траты энергіі. Магчымая небяспека — сардэчна-сасудзістыя хваробы, захворванні сэрца. Ледзь абазначаныя паўлунні на абедзвюх руках з’яўляюцца сведчаннем таго, што чалавек мае патрэбу ў спакоі і адпачынку — ён вычарпаў свае рэзервы. Калі паўлунне пазногця аддзелена ад астатняй яго часткі гарызантальнай лініяй, можна западозрыць наяўнасць дыябету.

— Ломкія і тонкія пазногці

Указваюць на недахоп у арганізме мінеральных рэчываў альбо на атручанне, напрыклад, алюмініем (трэба выключыць выкарыстанне алюмініевага посуду). Падоўжныя канаўкі на пазногцях (падоўжныя трэшчыны) сведчаць зазвычай пра агульныя парушэнні дзейнасці стрававальнага тракту і звязаныя з імі страўнікавыя праблемы. Калі пазногці крышацца, цямнеюць, лёгка абломваюцца, гэта сведчыць пра нядаўна перанесеныя інфекцыйныя захворванні ці хранічныя скурныя (экзэма, псарыяз, мікозы).

— Патаўшчэнне пазногцяў

Знак недастатковасці кровазвароту. Магчымыя таксама сардэчныя захворванні. Наяўнасць на пазногцях кропкавых паглыбленняў, як на напарстку, сведчыць пра рэўматызм суставаў ці псарыяз. Калі пазногці робяцца выпуклымі, акруглымі — трэба шукаць захворванні лёгкіх, сэрца, шчытападобнай залозы, кішэчніка. Падоўжныя палосы і баразёнкі часта з’яўляюцца прыкметай дысбактэрыёзу кішэчніка. У зацятых курцоў яны асабліва заўважныя на вялікім пальцы. Папярочныя канаўкі і баразёнкі назіраюцца пасля цяжкіх інфекцый, пры хранічных захворваннях і ў пажылых людзей.

— Белыя пазногці

Бываюць пры цырозе печані, захворваннях шчытападобнай залозы і пры павышанай функцыі кары наднырачнікаў. Сіняваты і сінявата-фіялетавы колер пазногцяў бывае ў тых, хто пакутуе ад захворванняў сардэчна-сасудзістай сістэмы. Празрыстыя пазногці назіраюцца ў людзей з парушэннямі крывятворнай функцыі. Жаўтаватыя пазногці — знак гепатыту і іншых захворванняў печані. Перыядычнае з’яўленне белых плямаў на пазногцях сведчыць пра недахоп жалеза ў арганізме. Падобным чынам пазногці «цвітуць» і пасля розных мясцовых траўмаў (удары, неакуратна зроблены манікюр). Пастаянная наяўнасць белых плямаў дае магчымасць западозрыць таксама хранічныя захворванні печані, нырак ці лімфатычнай сістэмы.

 

Больше интересного

...

Поделиться мнением