Як не пераесці ў навагоднюю ноч?


як не пераесці ў навагоднюю ноч

Вось мы і не заўважылі, як падступае Новы год. Так склалася гістарычна, што менавіта гэтае свята лічыцца ў нас бадай што самым галоўным. Да яго пачынаюць рыхтавацца загадзя: паходы на кірмашы, у магазіны за прадуктамі для святочнага стала і падарункамі. Стол на свята, як правіла, літаральна ломіцца пад цяжарам разнастайных прысмакаў. I так хочацца паспрабаваць усе стравы. Дый не адзін раз. А потым пачынаюцца наведванні сяброў і сваякоў, зразумела, таксама са святочнымі застоллямі. Але ж як не пераесці ў навагоднюю ноч пры такім гастранамічным багацці?

Па-першае:

Кантралюй аб’ёмы ежы. Асабліва будзь асцярожна з алкаголем, бо ён актывізуе выдзяленне страўнікавага соку і раздражняе слізістую абалонку рота, у выніку чалавек пастаянна адчувае пачуццё голаду. Голад выклікаюць і вострыя закускі. I памятай, што алкаголем не варта запіваць ежу. Для гэтага больш падыдзе негазаваная мінеральная вада.

Па-другое:

Старанна перажоўвай ежу. Добра перажаваная ежа папярэджвае пераяданне. Не спяшайся, дастаў задавальненне свайму страўніку, печані, падстраўнікавай залозе мяккай, апрацаванай слінай кашыцай.

Па-трэцяе:

Памятай, што гутаркі за сталом небяспечныя. 3-за размоў чалавек часта глынае ежу, не перажоўваючы. Ад гэтага — цяжар у страўніку і дыскамфорт. Старайся не есці размаўляючы.

 

Цалкам звычайныя на першы погляд прадукты — галоўныя ўзбуджальнікі апетыту. Сярод іх — спецыі, саленні, цыбуля і г.д., таму і ад гэтых прадуктаў лепш адмовіцца ў навагоднюю ноч. На квашаніну і заліўное таксама западаць не варта, бо ў іх утрымоўваюцца экстрактыўныя рэчывы, якія ўзбуджаюць апетыт.

Раніцай і ўдзень 31 снежня мы ўсе імкнёмся есці як мага менш, каб не перабіць апетыт і нацешыцца святочным пачастункам. Як вынік, увечары ці ўначы кідаемся на ежу і з’ядаем намнога больш, чым патрабуецца нашаму арганізму. А гэта няправільна. Каб свята не ператварылася ў суцэльнае абжорства, лепш перакусі гадзіны за тры-чатыры да асноўнага навагодняга застолля, каб падрыхтаваць сваю страўнікавую сістэму і перабіць апетыт.

Калі цябе запрасілі ў госці, трэба крыху перакусіць дома да выхаду, каб у гасцях не накідвацца на ежу. Заходзячы ў пакой, дзе будзе адбывацца святкаванне, разгледзь стол і сядай далей ад асноўных страў. Лепш сесці каля вазы з садавіной альбо лёгкім салатам — з іх і пачынай есці. Імкніся есці больш садавіны і агародніны. Пазбягай салатаў, добра аздобленых маянэзам.

Па словах урачоў-валеолагаў, агародніна адыгрывае значную ролю ў нашым харчаванні. Яна аказвае ўзбуджальнае дзеянне на функцыі ўсіх харчовых залоз, утрымлівае эфірныя маслы і клятчатку, узмацняе маторную функцыю і перыстальтыку страўніка, стварае спрыяльнае асяроддзе для развіцця кішэчнай флоры. Акрамя ўсяго гэтага агародніна добра спаталяе голад, зніжае ўзровень халестэрыну ў крыві, насычае наш арганізм вітамінамі і мінераламі.

Ёсць яшчэ адна парада: разгледзь стол і пакладзі на сваю талерку невялікімі порцыямі ўсе стравы, якія табе спадабаліся. Не трымай відэлец у руцэ, лепш пакладзі яго каля талеркі. I кожны раз, калі рука пацягнецца за відэльцам, падумай, ці варта.

Цяпер разнастайнымі карбанатамі і каўбасой салямі нікога не здзівіць, але традыцыя тым не менш засталася. I на святочным, і без таго багатым навагоднім стале мы з маніякальнай зацятасцю размяшчаем талеркі з разнастайнымі “далікатэснамі” нарэзкамі.

А дыетолагі, дарэчы, лічаць, што гэта самыя шкодныя прадукты. Да таго ж яны і самыя каларыйныя. Выключы іх цалкам з навагодняга меню. Лепш з’есці кавалак натуральнага мяса ці рыбы. Прынамсі, калорый у іх намнога  менш. Ад сыру ў навагоднюю ноч таксама варта адмовіцца. У паўсядзённым жыцці ён карысны і неабходны, але “схаваных” тлушчаў у ім звышдастаткова, а гэта лішняя нагрузка на наш арганізм.

Не трэба спяшацца, еш марудна — навагодняя ноч доўгая. Рабі 15-20-хвілінныя перапынкі. А лепш схадзі з сябрамі і сваякамі на вуліцу, пагуляйце, пакідайце сняжкі.

Рэдкае застолле абыходзіцца без дэсерту. Але пасля багатай трапезы торт лепш пакінуць іншым гасцям, а сабе пакладзі фруктовы салат або нятлустае марожанае.

Пры пераяданні пакутуюць усе органы стрававання. У стрэсавым стане знаходзяцца страўнік, печань, падстраўнікавая залоза, кішэчнік. Узнікаюць рознага роду праблемы: болі ў левым і правым падрабрынні, адрыжка, паносы і г.д. Частыя багатыя застоллі прыводзяць да атлусцення, праблем з сардэчнасасудзістай сістэмай, павышанага ціску. Таму сачы за тым, чым і ў якіх памерах ты будзеш частавацца за навагоднім сталом. А выконваючы прыведзеныя парады, Новы год ты сустрэнішь у добрым настроі і здароўі.

 

Больше интересного

...

Поделиться мнением