Дэсерт да навагодняга стала
Дэсерт з’яўляецца абавязковай састаўляючай любога святочнага стала. Праўда, у навагоднюю ноч не заўсёды да яго даходзіць чарга, але гэта зусім не значыць, што з навагодняга меню можна выкрасліць апетытныя ласункі. Нават калі ў цябе і тваіх гасцей не хопіць сіл пацешыць сябе дэсертам падчас асноўнага застолля, ён даставіць масу радасці на сняданак у першы дзень новага года. Тваёй увазе некалькі арыгінальных і нескладаных рэцэптаў дэсерту.
Дэсерт з апельсінаў з ромам
Нам спатрэбіцца: На 5 апельсінаў — 100 г цукровай пудры, па 50 г вады і рому.
Апельсіны абіраем, здымаем белыя валокны, вострым нажом наразаем на тонкія скрылікі. Кладзём іх у салатніцу, пасыпаем цукровай пудрай і паліваем сумессю вады з ромам.
Гэты дэсерт трэба прыгатаваць загадзя і даць яму пастаяць паўтары-дзве гадзіны ў халаднаватым месцы. Ён будзе ідэальным пачастункам раніцай пасля навагодняга застолля.
Суфле
Нам спатрэбіцца:
- 4 апельсіны,
- 40 г мукі,
- 30 г сметанковага масла,
- шклянка малака,
- 5 яек,
- 50 г цукровай пудры.
Разводзім муку ў малацэ (50 г), уліваем сумесь у астатняе малако, добра нагрэтае; ставім на агонь, пакуль не загусне. Потым здымаем з пліты, дадаём сметанковае масла, 5 яечных жаўткоў, цэдру, надзёртую з двух апельсінаў і 5 бялкоў, узбітых у крутую пену. Выкладваем у форму, змазаную маслам, і запякаем у духоўцы на сярэднім агні.
Падаем на блюдзе, упрыгожыўшы суфле колцамі апельсінаў і пасыпаўшы цукровай пудрай.
Лімонныя квадрацікі
Нам спатрэбіцца:
- 5 яек,
- 3 шклянкі мукі,
- 1,5 шклянкі цукра,
- лімонная цэдра.
Яйкі змешваем з цукрам і расціраем 15-20 хвілін. Потым дадаём надзёртую на тарцы цэдру аднаго-двух лімонаў і муку. Замешваем некрутое цеста, раскачваем у пласт таўшчынёй у сантыметр і наразаем на невялікія квадрацікі. Выпякаем пры тэмпературы 180°С на змазанай маслам блясе.
Навагодні торт
Нам спатрэбіцца:
— Для цеста:
- 12 сталовых лыжак мукі,
- 1 шклянка смятаны,
- 1 шклянка цукровага пяску,
- 2 яйкі,
- 1 сталовая лыжка топленага масла,
- 10 грэцкіх арэхаў,
- ¼ чайнай лыжкі соды і солі,
- ванілін.
— Для крэма:
- 1,5 шклянкі цукру,
- 100 г масла,
- 2 яйкі, ванілін.
— Для сіропа:
- ½ шклянкі рому альбо лікёру.
— Для ўпрыгожвання:
- арэхі,
- апельсін,
- шакалад.
Старанна расціраем у місцы смятану і цукровы пясок, яечныя жаўткі, соду і соль, дадаём здробненыя грэцкія арэхі, топленае масла, ванілін і муку, замешваем цеста.
Выкладваем у падагрэтую, папярэдне змазаную маслам форму і выпякаем 30-40 хвілін пры тэмпературы 180°С.
Тым часам гатуем крэм: добра расціраем тонкую шклянку цукру, масла і яечныя жаўткі; бялкі ўзбіваем у моцную пену, дадаючы паступова 2-3 чайныя лыжкі цукру і ваніліну, пакрысе ўціраем узбітыя бялкі ў масляную масу.
Торт разразаем уздоўж папалам, ніжні слой прамочваем сіропам і прамазваем паловай крэму. Астатні крэм выкладваем на верх торта, упрыгожваючы яго арэхамі, скрылікамі апельсіна, можна пасыпаць надзёртым шакаладам.
А можна з нагоды Новага года ўставіць у торт навагоднія свечкі і, падаючы на святочны стол, запаліць іх. Твой торт надоўга запомніцца гасцям!