Гатуем смачна ў пост. Салаты і дэсерты


рэцэпты посных страў

Працягваем знаёміцца з багаццем смачных і карысных страў поснага меню. Гэтым разам тваёй увазе прапанаваны рэцэпты вітамінавага аперытыва — салатаў. Менавіта ім падчас паста павінна адводзіцца асобае месца на стале, бо гародніна насыціць арганізм цэлым комплексам карысных рэчываў, дэфіцыт якіх можа быць выкліканы адсутнасцю ў меню мясных і малочных прадуктаў. Ну, і вядома ж, не варта адмаўляць сабе падчас паста ў задавальненні нацешыцца смачным дэсертам.

Аперытыў з гародніны

Пачнём з закусак — яны папярэднічаюць асноўнай ежы, узбуджаюць апетыт. Тут, як заўсёды, дапамогуць капуста і бульба — у любым выглядзе, з рознымі дабаўкамі. Свае рэцэпты закусак ёсць, напэўна, у арсенале кожнай гаспадыні, прапануем яшчэ некаторыя.

Капуста з яблыкамі і арэхамі

Тонка шаткуем белакачанную капусту і рэпчатую цьібулю, чысцім і надзіраем на буйной тарцы яблыкі, здрабняем грэцкія арэхі. Усё змешваем, запраўляем алеем і лімонным сокам.

На 400 г капусты:

  • 100 г яблыкаў,
  • 2 цыбуліны,
  • няпоўная шклянка арэхаў.
Вострая капуста

Капусту (1 кг) і 2 морквы шаткуем тонкай саломкай, солім, перамешваем, пасыпаем чырвоным перцам (палова чайнай лыжкі). Асобна смажым у алеі цыбулю паўколцамі, не даючы астыць, кладзём у салат. Зноў перамешваем, запраўляем цёртым часнаком (2-3 зубчыкі). Выкладваем у салатнік, упрыгожваем пасечанай зелянінай.

Пікантная капуста

Капусту наразаем невялікімі квадратамі, шчыльна складваем на дно посуду слоем 3 см. Зверху размяшчаем скрылікі ачышчаных яблыкаў, колцы чырвонага перцу, морквы. Зноў кладзём слой капусты, зверху — пасечаную зеляніну пятрушкі і тоўчаны часнок. I зноў капуста, некалькі галінак мяты. Заліваем крутым падсоленым кіпнем (4 чайныя лыжкі солі на літр вады). Праз 4 дні смачная закуска гатова!

Дэсерты

Іх прыгатаваць вельмі проста: любімыя намі жэле з ягад і садавіны, мусы з маннымі крупамі, кісялі і кампоты — усё гэты смачна, карысна і адпавядае меню любога посту. А каб не сумаваць без пірагоў, можна прыгатаваць поснае цеста і начыніць яго хоць ягадамі, хоць капустай.

Поснае цеста

Чайную лыжку сухіх дражджэй разводзім цёплай вадой (паўтары шклянкі), усыпаем дзве шклянкі прасеянай мукі, даём цесту падняцца. Потым дабаўляем чайную лыжку солі, 2 сталовыя лыжкі алею, змешанага з цукрам (паўшклянкі), кардамон, лімонную цэдру (альбо карыцу) і ставім у цёплае месца на некалькі гадзін.

Можна расчыніць на піражкі, можна зрабіць вялікі пірог. Падаем з гарбатай альбо кампотам, кісялём.

Бульбяныя піражкі

Тры бульбіны чысцім, надзіраем на дробнай тарцы, адціскаем сок. Яшчэ тры варым «у мундзірах», потым чысцім і прапускаем праз мясарубку. Змешваем абедзве масы, солім і фармуем праснакі. На сярэдзіну кожнага кладзём фарш са смажанай цыбулі альбо цыбулі, смажанай з грыбамі. Краі «цеста» спалучаем, паніруем піражкі ў муцэ і смажым у алеі да румянай скарынкі.

Прасяная запяканка з яблыкамі

Са шклянкі проса і трох шклянак вады варым вязкую кашу з проса, дабаўляем па смаку соль і цукар. 4 — 6 яблыкаў чысцім, наразаем скрылікамі і тушым у алеі, дабавіўшы цукар і карыцу. У форму для запякання кладзём слаямі кашу і яблыкі (верхні слой — каша), паліваем маслам, томім у духоўцы да гатоўнасці.

 

Больше интересного

...

Поделиться мнением