Гатуем смачна ў пост. Першыя і другія стравы


рэцэпты посных страў

Пачаўся Вялікі пост, які працягнецца да Пасхі. Але рытуал посту — гэта не толькі адмова ад мясных і молочных прадуктаў. Гэта час, калі трэба падумаць пра душу, адысці ад свецкага жыцця. Да таго ж пост ачышчае, аздараўлівае арганізм, бо стравы гатуюцца з натуральных, простых прадуктаў, якія выкарыстоўваліся стагоддзямі. Прапануем тваёй увазе рэцэпты разнастайных посных страў. Пераканайся ў тым, што яны таксама могуць быць смачнымі і карыснымі. Зрэшты, гэтыя стравы і ў штодзённым меню будуць дарэчы.

Першыя стравы

Спачатку пагаворым пра першую страву. Што ж, папулярныя баршчы, капуста, поліўкі добра ідуць і без мяснога навару.

Боршч з віном

Буракі мыем і запякаем да мяккасці ў духоўцы. Чысцім, дробна шаткуем, паліваем лімонным сокам і белым сухім віном, разводзім адварам з белых карэнняў і спецый.

На 0,5 кг буракоў — сок аднаго лімона, паутары шклянкі віна.

Для адвару:

  • 2 цыбуліны,
  • карэнне пятрушкі,
  • карэнне сельдэрэю,
  • 2 лаўровыя лісты,
  • 10 гарошын перцу,
  • сцябло цыбулі-парэю.
Боршч з чарнаслівам і грыбамі

Грыбы (свежыя альбо папярэдне размочаныя сухія) варым, вымаем з адвару шумоўкай, наразаем саломкай. Чарнасліў мыем, праварваем да мяккасці. У кіпячую ваду кідаем нашынкаваную капусту, праз 10 хвілін дабаўляем пасіраваныя асобна буракі, цыбулю, моркву. За чвэрць гадзіны да канца варкі ўліваем у боршч адвары грыбоў і чарнасліву, кладзём грыбы. Падаючы на стол, чарнасліў раскладваем па парцыённых талерках, заліваем баршчом з грыбамі, пасыпаем сечанай зеленню.

Поліўка з “вушкамі”

Сухія белыя грыбы вымочваем, дробна рэжам, солім па смаку. Дабаўляем абсмажаную цыбулю і звараную асобна рассыпістую кашу — грэцкую альбо рысавую. Добра перамешваем.

Муку заварваем кіпнем, разводзім халоднай вадой да кансістэнцыі крутога цеста (як для пельменяў). Даём хвілін 15—20 выстаяцца, каб цеста зрабілася мяккім, эластычным, потым тонка раскачваем, наразаючы квадратамі.

На адзін вугал кладзём падрыхтаваны фарш з цыбуляй і кашай, другім вуглом накрываем, краі зашчыпваем, робім “вушкі”, як для пельменяў. Варым у кіпячым грыбным булёне, запраўляем смажанай цыбуляй, солім, перчым.

Для цеста:

  • 250 г мукі,
  • 150 мл вады,
  • соль.

Для фаршу:

  • 100 г сушаных грыбоў,
  • 2 цыбуліны,
  • 3 сталовыя ложкі алею,
  • каша з 50 г грэцкіх альбо рысавых круп.

“Вушкі” можна начыніць не грыбным фаршам, а кіслай альбо свежай тушанай капустай, ці густым бульбяным пюрэ, перамешаным з абсмажанай цыбуляй.

Другія стравы

Самыя разнастайныя гарачыя стравы з круп і агародніны можна падаваць на снеданне, абед і вячэру. Памідоры і перац, фаршыраваныя агароднінай, капусныя салянкі, усемагчымыя запяканкі з круп, галубцы з начынкай з агародніны, пельмені з грыбамі, капустай, бульбяным пюрэ, варэнікі з капустай, ягадамі, кашы, локшына з цыбуляй. Галоўнае патрабаванне: усё, што трэба, абсмажваць толькі на алеі.

Рагу з агародніны

Бяром любую агародніну, якая ёсць у доме. Сакрэт смаку рагу ў тым, што кожны від агародніны тут гатуецца асобна: бульбу, цыбулю, моркву абсмажваем у алеі па чарзе, потым змешваем, дабаўляем таматны соус, даводзім да кіпення, кладзём капусту, адвараную асобна, зялёны гарошак, тоўчаны часнок, перац гарошкам, лаўровы ліст, перамешваем і кіпяцім 5—7 хвілін. Можна дабавіць і квяцістую капусту, гарбуз.

Бульбы павінна быць удвая больш, чым цыбулі і морквы, астатнія прадукты — па жаданні.

Фрыкадэлькі з сюрпрызам

10—12 бульбін адварваем, чысцім, прапускаем праз мясарубку, дабаўляем муку, соль, перац. Фарміруем шарыкі і начыняем іх фаршам з грыбоў альбо чорнага хлеба. Грыбы і хлеб для фаршу гатуем як звычайна: здрабняем (хлеб у крошкі) і смажым з цыбуляй на алеі. Фрыкадэлькі кідаем у кіпячую падсоленую ваду, варым 12—15 хвілін, вымаем шумоўкай, падаем на стол з таматным соусам.

“Пальчыкі”

Бульбу варым, чысцім, размінаем, дабаўляем асобна абсмажаную цыбулю, муку, алей, соль, перамешваем. Атрыманую масу раскачваем у тонкія жгуцікі, рэжам іх на кавалачкі прыкладна па 10 см. Пасыпаем соллю, кменам, выкладваем на бляху, змазаную алеем, выпякаем у духоўцы, падаем з таматным альбо цыбульным соусам.

На 12 сярэдніх бульбін:

  • паўшклянкі мукі,
  • цыбуліна,
  • 2 сталовыя лыжкі алею,
  • кмен, соль па смаку.

 

Больше интересного

...

Поделиться мнением