Мяса і рыба да навагодняга стала
Цяжка сабе ўявіць святочны стол без гарачага. А калі гэта такое свята як Новы год, то, вядома ж, хочацца, каб з гарачых страў на стале было нешта незвычайнае і вельмі смачнае, чым можна ад душы пачаставаць і сябе, і сваіх гасцей. Некалькі арэгінальных і нескладаных рэцэптаў мяса і рыбы да навагодняга стала дапамогуць табе ажыццявіць гэтае пажаданне.
Качка з апельсінамі
Нам спатрэбіцца:
На качку вагой 1,5 кг:
- 50 г масла і мукі,
- 100 г булёну,
- 2 апельсіны.
Тушку апрацоўваем такім жа чынам, як і курыную. Зверху смазваем адтопленым маслам, солім, пасыпаем перцам. Потым начыняем мякаццю ачышчанага і парэзанага на кавалкі апельсіна і смажым у духоўцы з разліку 20 хвілін на 0,5 кг вагі птушкі.
Тым часам апельсінавую цэдру дробна сячом і бланшыруем 10 хвілін у кіпні. Даём вадзе сцячы і таўчом цэдру разам з пячонкай, разводзім гэтае пюрэ лікёрам. Асобна ў каструлі кіпяцім булён са сметанковым маслам, змешаным з мукой, дадаём у яго тоўчаную цэдру, даводзім да кіпення, працэджваем і падаём на стол у соусніку. Качку кладзём на вялікае блюда, загадзя вымаем апельсінавую начынку і выкладваем яе абапал птушкі.
Бараніна з зеленню
Нам спатрэбіцца:
- 2 кг бараніны,
- прыкладна шклянка-паўтары свежай зелені (пятрушка, эстрагон, кінза, кроп, базілік),
- 1-2 зубчыкі часнаку,
- цыбуліна,
- сталовая лыжка алею,
- 2 сталовыя лыжкі кісла-салодкага соусу з садавіны,
- шклянка белага сухога віна,
- 5-7 лыжак курынага булёну.
3 бараніны зразаем непатрэбны тлушч, выдаляем сухажыллі. Вымытую і здробненую зелень, часнок, цыбулю запраўляем алеем і соусам з садавіны, узбіваем міксерам у аднародную масу. Кладзём мяса ў форму, абмазваем з усіх бакоў зялёнай масай, падліваем крыху вады, каб смажаніна не падгарэла. Запякаем у духоўцы пры тэмперагуры 180°С, не накрываючы, 1 гадзіну і 15 хвілін. А калі прыйдзе час вымаць мяса, кладзём яго на дошку альбо блюда, заварочваем у фольгу і вытрымліваем у цяпле 15-20 хвілін, потым наразаем на парцыённыя кавалкі.
Соус, які застаўся пасля запякання, пераліваем у глыбокую патэльню альбо невялікую каструлю, дадаём віно і булён. Перамешваем, даводзім да кіпення і варым 5 хвілін. Перад падачай на стол заліваем мяса соусам.
Курыца, запечаная ў ёгурце
Нам спатрэбіцца:
- курыца,
- 2 лімоны,
- 3 сталовыя лыжкі аліўкавага алею,
- 100 г адтопленага сметанковага масла,
- 300 г несалодкага ёгурту,
- 2 яйкі.
Надзіраем на тарцы цэдру, а з лімонаў выціскаем сок. Звонку змазваем курыцу лімонным сокам, а знутры націраем лімоннай цэдрай. Перакладваем курыцу на блюда, накрываем і ставім у халадзільнік на 2-3 гадзіны. Разаграваем духоўку да 220°С. Курыцу перакладваем у форму для запякання, заліваем аліўкавым алеем і сметанковым маслам, дадаём 100 мл вады і запякаем у духоўцы 20 хвілін. Пасля гэтага зніжаем тэмпературу духоўкі да 180°С і запякаем курыцу яшчэ хвілін 40.
Тым часам змешваем у глыбокай місцы ёгурт, яйкі, 5 сталовых лыжак вады і ўзбіваем. Заліваем атрыманай сумессю курыцу і зноў ставім у духоўку на 15 хвілін, пакуль ёгурт не загусне.
Рыба, запечаная з сырам
Нам спатрэбіцца:
- 500 г рыбнага філе, парэзанага кубікамі,
- 2 сталовыя лыжкі надзёртага сыру,
- 2 сталовыя лыжкі таматнай пасты,
- 2 сталовыя лыжкі сметанковага масла,
- 2 сталовыя лыжкі мукі,
- 1 сталовая лыжка малака,
- 2 яйкі,
- соль, перац,
- алей.
Масла растопліваем, абсмажваем у ім муку, разводзім малаком. Дадаём таматную пасту і сыр, солім. Узбіваем жаўткі, змешваем з атрыманай масай, дадаём узбітыя бялкі. У форму, змазаную алеем, выкладваем рыбу і выліваем масу. Запякаем у духоўцы да румянай скарынкі.
Рыба, тушаная з сырам і вяндлінай
Нам спатрэбіцца:
- 800 г хека,
- 1 сталовая лыжка сметанковага масла,
- 2 сталовыя лыжкі гарчыцы,
- 150 г вэнджанай грудзінкі альбо вяндліны,
- 4-5 сталовых лыжак надзёртага сыру,
- марынаваныя агуркі,
- зелень,
- перац і соль па смаку.
Рыбу рэжам на кавалкі, солім, перчым, змазваем тонкім слоем гарчыцы. Кладзём рыбу ў форму, папярэдне змазаную маслам, накрываем кожны кавалак скрылікам вяндліны альбо грудзінкі. Наліваем крыху вады альбо рыбнага булёну і пасыпаем надзёртым сырам.
Запякаем у духоўцы да гатоўнасці.
Перад падачай на стол пасыпаем дробна пасечанай зеленню альбо абкладваем колцамі марынаваных агуркоў.