Сакрэты прыгажосці. Хатнія сродкі для прыгожай шыі


каб шыя заставалася прыгожай

Цяжка не пагадзіцца з тым, што кожная жанчына хоча выглядаць прыгожай і маладой як мага даўжэй. Некаму шанцуе на генетыку, нехта падтрымлівае тонус скуры з дапамогай розных масак і крэмаў. Аднак вельмі часта, пільна разглядаючы свой твар у люстэрку (ці не з’явіліся дзе-небудзь новыя маршчынкі), мы забываем, што найбольш узрост жанчыны выдае шыя. Ніякі макіяж ці прычоска не выратуюць становішча, калі, напрыклад, шыя і вобласць дэкальтэ — у маршчынах і складках. Можна, канечне, выбіраць адзенне з каўняром-стойкай ці папоўніць гардэроб разнастайнымі шыйнымі хусцінкамі. Але можна зрабіць і так, каб твая шыя заставалася прыгожай як мага даўжэй.

Што ж трэба зрабіць, каб пругкасць скуры шыі (а скура тут вельмі тонкая) не гублялася хутка. Ніякіх асаблівых турбот догляд табе не прынясе. Усяго толькі хатнія сродкі.

Кампрэсы для прыгожай шыі

Даволі эфектыўны сродак — цёплыя кампрэсы з адварамі з траў, фруктамі, агароднінай, мёдам, малочнымі прадуктамі. Трымаць кампрэс трэба прыкладна столькі ж, як і маску на твары, — хвілін 15-20, затым зняць і апаласнуць шыю цёплай вадой.

— Ручнік змачы ў адвары ліпы ці моцнага чаю. Добра выкруці і абгарні шыю.

— Зрабі салёны раствор: на 500 мл вады 3 сталовыя лыжкі солі. Змачы ў гэтым растворы ручнік, выкруці і прыкладвай пад падбародак на 1-2 хвіліны на працягу 20 хвілін.

— У каструльцы крыху падагрэй алей (так, каб ён быў цёплым). Змачы ў ім палатняную сурвэтку і злёгку выкруці. Пакладзі сурвэтку на кампрэсную паперу ці на звычайны цэлафан і абгарні шыю.

— Разрэж пераспелыя агуркі ўдоўж, вынь насенне з часткай мякаці і пакладзі паўвадкую масу на шыю, зверху накрый слоем марлі.

Маскі для прыгожай шыі

Маскі для скуры шыі па складзе супадаюць з маскамі для твару. Адзінае, што варта запомніць, скура шыі пазбаўлена сальных залоз, таму яна ніколі не бывае тлустай, а толькі сухой, нармальнай ці камбінаванай, адпаведна і масак для тлустай скуры не існуе.

Лячэнне маскамі праводзіцца курсамі: 10 разоў па два разы на тыдзень. Накладваць маскі трэба пасля кампрэсаў, трымаць не больш за 15 хвілін, а затым змываць цёплай вадой.

Бялковая маска. Бялок яйка змяшай з чайнай лыжкай алею і сокам паловы лімона.

Бульбяная маска. Разатры 2 гарачыя бульбіны, дадай жаўток, па чайнай лыжцы мёду, алею і гліцэрыны. Сумесь пакладзі на шырокую марлю і абвяжы ёй шыю.

Пятрушкавая маска. 4 сталовыя лыжкі здробненай пятрушкі залі шклянкай гарачага малака, настой і, не шкадуючы, змаж шыю. Маску не змывай, дай ёй высахнуць на паветры і змаж шыю крэмам.

Мядовая маска. Змяшай жаўток з чайнай лыжкай мёду і чайнай лыжкай аліўкавага алею. Нанясі на шыю, абвяжы бінтам, цэлафанам, зверху — цёплым ручніком.

Калі табе ну зусім няма часу рабіць маскі ці кампрэсы, то хаця б не забывай змазваць шыю крэмам, вечарам, пасля ачышчэння. Аднак яго нанясенне мае пэўныя асаблівасці: спачатку разатры крэм далонямі і, крыху адкінуўшы галаву, лёгкімі рухамі намаж яго правай рукой на левы бок шыі, левай рукой — на правы. Накірунак рухаў — толькі знізу ў верх (ад ключыц да падбародка).

Ласьён для прыгожай шыі

Калі тваёй скуры не вельмі падабюцца маскі і кампрэсы, ці ў цябе нестае часу на іх, зрабі хаця б пажыўны ласьён і працірай ім шыю. Робіцца ласьён так: змяшай жаўток са 100 г смятаны, дадай чвэрць сталовай лыжкі спірту ці гарэлкі і сок паловы апельсіна ці лімона. Змачыўшы ватны тампон, асцярожна пратры скуру шыі. Такі ласьён дазваляе «забіць» адразу чатырох «зайцоў»: скура ачышчаецца, абараняецца, падпітваецца і ўвільгатняецца.

 

Больше интересного

...

Поделиться мнением