Сакрэты маладосці. Лебядзіная шыя
Усім добра вядома: адным з першых паказчыкаў, які выдае ўзрост жанчыны з’яўляецца знешні выгляд шыі. У той час як з тварам можна правесці розныя маніпуляцыі па амаладжэнні, падцяжку, то са скурай шыі такога выніку за некалькі працэдур дабіцца немагчыма. Для надання пругкасці скуры шыі, прыйдзецца папрацаваць, выдаткаваць сілы і час, прычым рабіць гэта трэба рэгулярна. Затое які будзе вынік!
Памятай: Кожны раз, калі праціраеш скуру твару ласьёнамі, наносіш маскі, выкарыстоўваеш крэм, не забывай і пра скуру шыі, і пра вобласці дэкальтэ.
А яшчэ, каб твая шыя заставалася лебядзінай як мага дольш, не варта забываць пра гімнастыку і пра такую карысную працэдуру як масаж.
Як пазбегнуць другога падбародка?
Адна з непрыемнасцей, якую можа «падкінуць» нам шыя — страта пругкасці ў тканках у верхняй частцы, правісанне і, як вынік, другі падбародак. Аднак нам хопіць аднаго, да яго і будзем імкнуцца. У гэтым нам дапаможа дастаткова простае практыкаванне. Кожны раз пасля ўмывання ці кампрэса, наносячы крэм, павольна, рытмічна пахлопвай падбародачную вобласць тыльным бокам рукі ў накірунку ад сярэдзіны да вушэй. Карысна таксама пахлопванне вільготным ручніком.
Акрамя таго, пазбегнуць другога падбародка дазволіць наступнае практыкаванне: дастаткова шырока раскрый рот, закіньце галаву назад і павольна закрый рот. Намаганні, якія табе прыйдзецца прыкласці, дазволяць трымаць у належным тонусе мышцы тваёй шыі, не дазваляючы ім правісаць.
Самамасаж для шыі
Прыгадай, як прыемна, калі пасля працяглага дня хто-небудзь зробіць табе, няхай сабе лёгкі і непрафесійны, але масаж. І карысны ён не толькі спіне, але і шыі, бо павышае пругкасць і адсоўвае момант старэння скуры. А рабіць яго даволі проста.
Вечарам, пасля нанясення на ачышчаную скуру шыі ўзнаўляльнага крэму, зрабі сабе лёгкі 5-10-хвілінны масаж, які да таго ж дапаможа крэму ўсмактацца.
1. Некалькі разоў пагладзь пярэднюю паверхню шыі далонямі абедзвюх рук знізу ўверх — правай рукой злева, левай — справа.
2. Адкінь галаву крыху назад і кончыкамі пальцаў зрабі некалькі маленькіх спіралепадобных рухаў пад падбародкам ад вугла скул да цэнтра, затым некалькі разоў прагладзь лініі ўсёй далонню.
3. Зрабі некалькі спіралепадобных рухаў па бакавой паверхні шыі падушачкамі пальцаў правай рукі злева направа, а падушачкамі пальцаў левай рукі — у адваротным напрамку.
4. Раз ці два на тыдзень у душы ці ванне добра зрабіць масаж шыі спецыяльнай масажнай шчоткай. Спачатку змаж падбародак, шыю і плечы тлустым крэмам ці алеем, затым масажнай шчоткай рабі кругавыя рухі ад грудзей па бакавой паверхні шыі да мочкі вуха, ад пляча да мочкі вуха, ад грудзей праз плячо да спіны і наадварот. Аднак сачы за тым, каб у цябе на скуры не з’явілася раздражненне.
Сон для прыгожай шыі
Для таго каб маршчыны на шыі не ўтвараліся ці хаця б не станавіліся больш глыбокімі, вельмі важная поза падчас сну. Спаць неабходна на плоскай падушцы. Урачы раяць маленькую цвёрдую падушку ці валік, бо на іх шыя міжволі прымае выцягнутае становішча, а вось на вялікай пуховай становішча галавы такое, што кроў цыркулюе вельмі марудна, кісларод даходзіць да галаўнога мозгу ў даволі абмежаванай колькасці, мышцы не адпачываюць.
Прачнуўшыся, не забудзь «разбудзіць» і шыю: скрыжуй рукі, пакладзі іх на патыліцу і разоў 5-10 націсні імі на галаву.