Парады жанчынам на кожны дзень


каб быць бадзёрай і добра выглядаць

У буднія дні вольны час жанчыны не перавышае 2,5, а ў выхадныя — 6,5 гадзіны. Пры гэтым даволі трывала ўсталяванае традыцыйнае раздзяленне абавязкаў па дому ў многіх сем’ях прыводзіць да та го, што часу для адпачынку ў жанчыны аказваецца ў 1,5 раза менш, чым у мужчыны. Асноўная прычына гэтага — большая (у 2-3 разы) яе занятасць працай па хатняй гаспадарцы, вядзенне якой у буднія дні займае 3 гадзіны, а ў выхадныя — звыш 6-ці.

За кошт чаго ж удаецца цудоўнай палове вытрымліваць такія нагрузкі? Аказваецца, жаночы арганізм мае шэраг пераваг перад мужчынскім — ён больш устойлівы да недахопу кіслароду, страты крыві, голаду і да многіх неспрыяльных умоў навакольнага асяроддзя; жанчыны лягчэй пераносяць боль, хаця ў іх і лепш развіты органы пачуццяў.

Хаця жанчыны істотна ўступаюць мужчынам у росце, вазе, развіцці мышцаў і некаторых унутраных органаў, выраз «слабы пол», «слабая істота» — хутчэй за ўсё даніна традыцыі. І ўсё ж мы так часта сустракаем жанчын стомленых і раздражнёных.

Каб заўсёды быць бадзёрай і добра выглядаць, адных толькі фізкультхвілінак недастаткова. Для гэтага неабходна навучыцца кіраваць сваім апетытам, каб не паўнець, з густам апранацца, умела выкарыстоўваць касметычныя сродкі і многае іншае. Зараз жа хочацца напомніць толькі тыя парады жанчынам на кожны дзень, нязменна выконваць якія павінна кожная, каб на доўгія гады захаваць сваё здароўе і заставацца прыгожай.

Для гэтага трэба 365 разоў у год:
  • — адводзіць некалькі хвілін на ранішнюю зарадку;
  • — праводзіць гадзінную прагулку пешшу;
  • — прымаць халодны душ альбо рабіць абціранне халоднай вадой;
  • — праз кожную гадзіну працы рабіць фізкультпаўзу;
  • — па вечарах здымаць касметыку і старанна мыць твар, пажадана гатаванай вадой;
  • — змазваць вечарам твар і шыю крэмам, асцярожна, не расцягваючы скуры, а таксама не забыць перад сном зняць лішкі крэму, прамакнуўшы іх чыстай сурвэткай;
  • — змазваць крэмам рукі, масіруючы пальцы ад кончыкаў, быццам нацягваеш тугую пальчатку;
  • — энергічна расчэсваць шчоткай валасы па ўсіх напрамках.

І калі ты ўжо прыгатавалася заснуць, не думай пра заўтрашнія непрыемнасці (раніца мудрэйшая за вечар). Пастарайся ўспамінаць толькі тое светлае, добрае, цёплае, пяшчотнае, што было ў тваім жыцці. Гэта ўвойдзе ў звычку, знікне бяссонне, не будуць трывожыць кепскія сны. Усміхайся часцей.

І яшчэ адна карысная парада цудоўнай палове:

Ніколі не выкарыстоўвай падманныя стымулятары — тытунь і алкаголь.

 

Больше интересного

...

Поделиться мнением