Восень — час паспрабаваць новыя маскі
Восень — гэта той час, калі замірае прырода і на душы становіцца сумна. У кожнай жанчыны ёсць свае рэцэпты, як перажыць гэты няпросты перыяд. Дарэчы, восень — самы падыходзячы момант, калі можна зрабіць сабе новую прычоску, пафарбаваць валасы у колер кляновага ліста, паспрабаваць новыя маскі.
Правілы нанясення масак
— Маскі наносяць на ачышчаную скуру твару ватным тампонам, мяккім пэндзлікам альбо пальцамі па масажных лініях.
— Каб маска залішне не сцягвала скуру і прынесла карысць, а не шкоду, наносяць яе на расслаблены твар. На час уздзеяння маскі лепш прылегчы.
— На ніжнія і верхнія павекі добра пакласці тампоны, змочаныя ў гарбаце альбо настоі пялёсткаў васілька (1 чайную лыжку здробненых пялёсткаў заліць шклянкай кіпню, настояць 20 хвілін і працадзіць), альбо нанесці тонкім слоем крэм, акуратна ўбіваючы яго кончыкамі пальцаў.
— Здымай маску змочаным у цёплай вадзе ватным тампонам (сурвэткай), не націскаючы на скуру і не расцягваючы яе.
— Калі ў цябе сухая скура, пасля маскі абавязкова змаж яе пажыўным крэмам.
Маскі для сухой і нармальнай скуры
Танізуючая маска
Чайную лыжку любога вітамінізаванага крэму разатры з чайнай лыжкай маянэзу і паступова дабаў чайную лыжку моцнай гарбаты. Маску нанясі вільготным тампонам, змочаным у малацэ. Праз пяць хвілін нанясі яшчэ адзін слой маскі. Праз 20 хвілін знімі маску тампонам, таксама змочаным у малацэ.
Жаўтковая маска
Разатры жаўток і дабаў да яго чайную лыжку цёплага аліўкавага альбо іншага алею і некалькі кропель лімоннага соку. У ваду, прызначаную для апалосквання твару, дабаў некапькі кропель лімоннага соку альбо касметычнага воцату.
Геркулесавая маска
Дзве сталовыя лыжкі геркулесу залі шклянкай гарачага малака, дай шматкам разбухнуць, а потым давядзі да кіпення. Ахалоджаную маску нанясі на твар, а праз 20 хвілін змый цёплай вадой.
Маска з сухога малака
Дзве сталовыя лыжкі сухога малака разатры з 1-2 чайнымі лыжкамі цёплай вады. Кашыцу нанясі на твар. Праз 20 хвілін змый цёплай кіпячонай вадой.
Мядовыя маскі
Першы варыянт: Узбі ў пену адзін яечны бялок, дабаў 100 г ячменнай мукі, 40 г мёду. Усё старанна перамяшай, нанясі маску на 10—15 хвілін, змый яе крыху цёплай, а потым халаднаватай вадой.
Другі варыянт: Дзве сталовыя лыжкі пшанічнай мукі змяшай з узбітым бялком аднаго яйка і дабаў чайную лыжку мёду. Атрыманую цестападобную масу нанясі на ачышчаную скуру твару. Праз 10—15 хвілін змый маску халаднаватай вадой.
Травяная маска
Вазьмі ў роўных частках засушаны ліпавы цвет, лісце мяты перачнай, кветкі рамонку, пялёсткі шыпшыны альбо ружы. Залі кіпнем у суадносінах 1:2 і пракіпяці на працягу 2-3 хвілін. Змачы ў цёплым адвары марлю, пакладзі яе на твар. Праз 15—20 хвілін змый маску цёплай вадой.
Маскі для нармальнай і тлустай скуры
Парафінавая маска
50—100 г парафіну расплаў на вадзяной лазні і нанясі пэндзлікам некалькі слаёў на выцертую насуха скуру акрамя вачэй. Пакінь маску да таго часу, пакуль парафін не зацвярдзее. Праз 10 хвілін здымі маску (як пальчатку), а твар пратры танізуючым ласьёнам.
Маркоўная маска
Надзяры на дробнай тарцы моркву, змяшай з узбітым яечным жаўтком, дабаў чайную лыжку сухога малака альбо крухмалу. Нанясі маску на твар і праз 20 хвілін змый яе цёплай вадой.
Дражджавая маска
20 г дражджэй змяшай з чайнай лыжкай лімоннага соку альбо соку іншых кіслых ягад і садавіны. Маску нанясі на твар і праз 15 хвілін змый цёплай вадой.
Асвяжаючая маска
Змяшай сок з садавіны альбо агародніны з дзіцячай прысыпкай да гушчыні смятаны. Нанясі яе на твар у два прыёмы і праз 20 хвілін змый спачатку цёплай, а потым халоднай вадой.
Танізуючая маска
Маска сцягвае пашыраныя поры.
Узбіты яечны бялок змяшай з некалькімі кроплямі лімоннага соку і здробненым геркулесам так, каб маска мела гушчыню смятаны. Маску нанясі на 20 хвілін і змый вадой з заваркай гарбаты альбо лімонным сокам.
Універсальныя маскі
Маска з дражджэй і хрэну
Сталовую лыжку дражджэй развядзі чайнай лыжкай цёплага малака, дабаў сталовую лыжку надзёртага хрэну і добра перамяшай. Нанясі на твар і праз 15 хвілін змый вадой пакаёвай тэмпературы.
Травяная маска
Адну-дзве сталовыя лыжкі сумесі высушаных пялёсткаў півоні альбо ружы, лісця крапівы, рамонку і мяты залі цёплай вадой да атрымання густой масы. Прагрэй 7—10 хвілін на вадзяной лазні і нанясі на твар і шыю на 30 хвілін. Знімі маску ватным тампонам і старанна апаласні твар цёплай вадой.
Масляная маска
Гэтая маска вельмі карысная для вялай скуры твару і шыі.
Змяшай 50 г адтопленага сметанковага масла, 3 чайныя лыжкі алею, 2 жаўткі, палову чайнай лыжкі гліцэрыны, чвэрць шклянкі настою рамонку і 30 г камфарнага спірту. Пры гэтым жаўткі і адтопленае масла старанна разатры, а потым дабаў невялікімі порцыямі алей і гліцэрыну. Працягваючы расціраць сумесь, па кроплях улі настой рамонку і спірт. Маску нанясі на твар і шыю на 20 хвілін, а потым акуратна знімі ватным тампонам, папярэдне змочаным у цёплай вадзе.