“Аканіцы” для вачэй: прагажосць і здароўе


аканіцы для вачэй

Сонцаахоўныя акуляры сталі сёння вельмі распаўсюджаным аксесуарам. Іх рынак вельмі вялікі. Аднак у пошуку найбольш модных фасонаў і расфарбовак нярэдка забываецца асноўнае прызначэнне гэтых акуляраў — абараняць вочы ад яркага бачнага святла і ультрафіялетавага выпраменьвання сонечнага спектра.

Асноўным шкодным фактарам сонечнага выпраменьвання з’яўляецца нябачная ультрафіялетавая частка спектра. У апошнія дзесяцігоддзі з-за памяншэння азонавага слоя атмасферы гэтаму выпраменьванню ўдзяляюць асаблівую ўвагу. Найбольш шкодны складнік Уф-дыяпазону — UVB-выпраменьванне, менавіта з ім звязваюць узнікненне фотакератыту, катаракты і пцерыгрыуму.

Па святлопаглынальных характарыстыках сонцаахоўныя лінзы падраздзяляюць на:

  • шкляныя лінзы, афарбаваныя ў масе, аслабленне святла ў якіх залежыць ад іх таўшчыні;
  • лінзы са святлопаглынальным слоем, нанесеным метадам вакуумнага напылення, характарызуюцца раўнамерным паглынаннем святла па ўсім дыяметры; пакрыцці, нанесеныя ў вакууме, супастаўляльныя па цвёрдасці са шклом і не павялічваюць вагі лінз;
  • лінзы з палімерных матэрыялаў — полікарбанату, поліметылметакрылату — выгадна адрозніваюцца ад шкляных меншай вагой, большай трываласцю да ударных нагрузак.

Сонцаахоўныя акуляры розныя па святлопрапусканні ў бачнай частцы спектра. Гэты параметр лёгка ацаніць візуальна: аслабленне розных колераў бачнага дыяпазону ў сонцаахоўных акулярах добрай якасці не павінна істотна змяняць колераперадачу. Калі ў акулярах навакольны свет паўстае ў фіялетавых, блакітных або сініх тонах — гэта акуляры дрэннай якасці. Магчыма некаторае парушэнне колераперадачы ў акулярах з моцным паглынаннем святла, у лінзах якіх святлопрапусканне ў бачнай частцы складае не больш за 15%. Насіць такія акуляры не рэкамендуецца пры ваджэнні аўтамабіля; папярэджанне аб гэтым павінна прысутнічаць у сертыфікаце фірмы-вытворцы.

Набываем якасныя сонцаахоўныя акуляры

Некалькі парад, каб набыць якасныя сонцаахоўныя акуляры:

  • выбірай акуляры вядомых фірм, якія маюць адпаведныя сертыфікаты якасці;
  • памятай, што, набываючы танныя акуляры ў выпадковых прадаўцоў, ты рызыкуеш сваім здароўем;
  • акуляры павінны мець даволі вялікія акулярныя прасветы і шырокія завушнікі для забеспячэння аховы, ад выпраменьвання, якое падае збоку;
  • акуляры павінны мець 1% прапускання ў УФ-дыяпазоне;
  • пажадана выбіраць шэрыя ці карычневыя сонцаахоўныя лінзы для забеспячэння  нармальнай  колераперадачы;
  • ступень зацямнення лінз павінна забяспечваць візуальны камфорт.

Асаблівую ўвагу трэба звярнуць на акуляры для дзяцей. Дзіцячыя органы зроку патрабуюць большай абароны ад УФ-выпраменьвання, чым дарослыя, бо:

  • дзеці праводзяць шмат часу на адкрытым паветры;
  • хрусталік дзіцяці прапускае да сятчаткі больш УФ-выпраменьвання і кароткахвалевага бачнага выпраменьвання;
  • пашкоджанні, што выклікаюцца УФ-выпраменьваннем у хрусталіку, сятчатцы, кумулятыўныя, з узростам могуць прыводзіць да ўзнікнення катаракты і старэчай страты зроку.

Гісторыя ўзнікнення сонцаахоўных акуляраў

Гісторыя ўзнікнення сонцаахоўных акуляраў налічвае не адну сотню гадоў. У Старажытным Кітаі жанчыны бераглі вочы і павекі ад сонца, каб пазбягаць ранніх маршчынак і выцвітання вачэй. 3 гэтай мэтай яны насілі спецыяльныя капелюшы з лісця раслін, казырок якіх закрываў лоб і скроні і крыху выступаў наперад, ствараючы цень.

У Старажытным Егіпце верхнюю частку твару ахоўвалі фарбаваным папірусам. Багатыя прыгажуні Старажытнай Індыі прыклейвалі да верхніх павек палоскі найтанчэйшага шоўку, прамочаныя спецыяльнай смалой, ствараючы для вачэй пастаянны цень. Японцы надзявалі на галаву спецыяльны раменьчык, да якога прымацоўвалі «аканіцы для вачэй». Найбольш старажытнымі лічацца эскімоскія акуляры — касцяныя шчыткі з проразямі, якія абмяжоўваюць колькасць святла, што падае на вочы.

Першая прамысловая партыя сонечных акуляраў была выпушчана 200 гадоў назад у Францыі для салдат Напалеона, якія ўдзельнічалі ў афрыканскай вайне.

Напрыканцы 1920-х гадоў былі створаны акуляры зялёнага колеру. У час Другой  сусветнай вайны сонцаахоўныя акуляры ўваходзілі ў склад абавязковай экіпіроўкі амерыканскіх маракоў. Для вырабу лінз для іх упершыню было выкарыстана шкло, якое адсякала ўвесь ультрафіялетавы спектр з даўжынёй хвалі карацей за 400 нм.

 

Больше интересного

...

Поделиться мнением