Вызнач свой колеравы тып
Не сакрэт, што адна і тая ж сукенка адну ўпрыгожвае, а другой зусім не падыходзіць. Ніхто нават не задумваўся, што віною таму — колер. Існуе пэўная залежнасць між колерам вачэй, валасоў, скурай чалавека і яго любімым колерам.
Любімыя колеры вызначаюцца не простай выпадковасцю, а закладзены ў чалавеку ад прыроды. Усе людзі падзяляюцца на чатыры групы каляровых тыпаў, умоўна названыя па порах года — з аднаго боку «Вясна» і «Восень» (цёплыя тоны), з другога — «Лета» і «Зіма» (халодныя тоны). Калі ты зацікавілася гэтай тэорыяй, то паспрабуй вызначыць свой колеравы тып.
Як вызначыць колеравы тып?
Запрасі сябровак – так будзе цікавей, а вынік больш правільным, бо з боку лепш бачна.
- Сядзь перад вялікім люстэркам. Асвятленне павінна быць не вельмі яркім, але дастаткова моцным, каб колеры выглядалі натуральна.
- Калі твае валасы падфарбаваныя, павяжы іх белай хусткай, інакш вынік можа быць няправільным.
- Здымі з твару ўсю дэкаратыўную касметыку.
- Угледзься ў свае адлюстраванне.
- Па чарзе прыхіляй да сябе хусткі персікавага і ружовага колераў. Ад таго, з якім колерам твой твар выглядае лепш, залежыць, належыш ты да групы цёплых, персікавых тонаў («Вясна» і «Восень») або да групы халодных, ружовых тонаў («Зіма» і «Лета»).
- Калі ты аднесла сябе да групы халодных тонаў, вазьмі хусткі або адрэзы тканіны наступных колераў: ярка-ружовы, чорны і ярка-жоўты («Зіма»); спакойны ружовы, бардо і блакітна-стальны («Лета»). А калі да групы цёплых — травяніста-зялёны, лімонна-жоўты, ярка-сіні («Вясна»), аліўкавы, жоўта-вохраны і глыбокі сіне-зялёны («Восень»).
- Прыкладвай да сябе узоры шасці колераў сваей групы (цёплай альбо халоднай). Паглядзі, з якім з трох твой твар выглядае больш выйгрышна.
Вось ты і вызначыла свой колеравы тып: «Зіма» або «Лета», «Вясна» або «Восень». Не засмучайся, калі табе давядзецца адмовіцца ад якога-небудзь колеру. У багатай гаме адценняў ты абавязкова знойдзеш той, які табе прыйдзецца даспадобы. Напрыклад, ты — «Вясна» і шукаеш нешта ў чырвоных танах. Табе падыдуць: макавы і аранжава-чырвоны.
Колеры да кожнага тыпу
Гэтыя парады тычацца як адзення, так і касметыкі. Вялікія пакупкі рэкамендуецца рабіць у тую пару года, назву якой носіць твой тып. Выбар будзе больш удачлівым, калі ты загадзя вырашыш, якога колеру павінна быць рэч. Кансультавацца лепш у прадаўца, які належыць да твайго тыпу.
І яшчэ пра ўпрыгожванні: золата лепш спалучаецца з цёплымі, персікавымі тонамі, срэбра — з халоднымі, ружовымі.
Жанчына-«Зіма»
Беласнежны, жоўта-бэжавы, шэра-бэжавы, светла-шэры, цёмна-шэры, антрацыт (марэнга); чорна-карычневы, чорны, бірузовы, цёмна-сіні, ярка-сіні, светла-сіні, сіне-бірузовы; халодна пастэльна-зялёны турмалін, ізумрудны; ярка-ружовы, светла і цёмна цыкламенавы; ярка-чырвоны, цёмна-чырвоны; яркі вінна-чырвоны; лімонна-жоўты, халодны светла-жоўты; ліловы, цёмна-фіялетавы.
Жанчына-«Вясна»
Колер яйкавай шкарлупкі; жоўта-бэжавы, залаціста-бэжавы; цёплы светла-руды; залаціста-карычневы, каштанавы; светла-сіні, лазурны, светлы і яркі аквамарын, пяшчотна-блакітны; травяніста-зялёны, яркі жоўта-зялёны, зялёны колеру лістоў ліпы, гарохавы, лімонна-зялёны; абрыкосавы, колеру ласасіны, персікавы, светла-апельсінавы; цёпла пастэльна-ружовы, цёплы ярка-ружовы, каралава-ружовы; макавы, аранжава-чырвоны; ясныя залатыя тоны; жоўта-залаты, сланечнік; колер сіняй фіялкі, сіне-ліловы, фіялетавы.
Жанчына-«Лета»
Колер натуральней воўны; ружова-бэжавы; светлы шэра-блакітны; какава, шэра-карычневы, бірузовы, прыглушаны цёмна-сіні, шызы, шэра-блакітны, нябёсна-блакітны, незабудкавы; пастэльна-зялёны, цёмны блакітна-зялёны, колер мяты і маладога лісця; усе пастэльныя і блакітна-ружовыя тоны, спакойна-ружовы; вішнёва-чырвоны, малінавы; бардо; пастэльна-жоўты, лімонна-жоўты; бэзавы, архідэя, мальва, прыглушана-ліловы, слівова-сіні,
Жанчына-«Восень»
Крэмава-белы; карамель, пясочны; арэхавы, кававы; махагон, шакаладны; глыбокі сіне-зялёны, колер марской хвалі, бірузовы; бутэлечны, багнавы, агатава-зялёны, хакі, аліўкавы; кетавы, ярка-абрыкосавы, тэракотавы, апельсінавы; аранжава-чырвоны, кінавар, іржы, таматны; усе адценні золата; кукурузна-жоўты, колер кавуна, гарчычны.